МАГНІ́ТНАЯ СТУ́ЖКА,

магнітны носьбіт інфармацыі ў выглядзе гнуткай стужкі. Мае немагн. аснову, вырабленую з пластмасы ці немагн. металу, на якую нанесены тонкі слой ферамагн. матэрыялу (уласна магн. носьбіт). Шырыня і таўшчыня М.с. залежаць ад яе прызначэння, напр., стужка для гуказапісу мае шырыню 3,81 мм (касетныя бытавыя і студыйныя магнітафоны) ці 6,25 мм (шпульныя) і таўшчыню ад 9 да 55 мкм, для відэазапісу (бытавыя відэамагнітафоны) — 6,25 і 12,7 мм і таўшчыню 37 мкм. Выкарыстоўваецца для гука- і відэазапісу, у выліч. тэхніцы, аўтаматыцы і інш.

т. 9, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)